Home

Advertisement

Previous Entry | Next Entry


Сёньня ў межах сучаснае РБ існуе некалькі глябальных нацыянальных і ненацыянальных праектаў. Яны хармаваліся ў храналягічнае прасторы і былі зьвязаныя з даволі розным спэктрам чыньнікаў і варункаў. Менвіта гэтыя праекты і вызначаць у будучым наш далейшы шлях.

Паўстаньне РБ і яе першыя праекты.

З пачаткам перабудовы ў СРСР у межах тагачаснае БРСР пачаў высьпяваць рух, які грунтаваўся на альтэрнатыўным, адрозным праекце ад каляніяльнага, БРСРаўскага. Яго стваральнай элітарнай базай сталіся асобы, засьведчыўшыя ў сваім лёсе нацыянальны, дысыдэнцкі рух 1950-х – пач. 1980-х гг., а яго ідэйнай базай сталіся рэляцыі нацыянальных дзеячоў эпохі клясычнае мадэрнае парадыгмы (1910-1940-я гг.), якія базаваліся на ідэі этнанацыянальнага адраджэньня Беларусі як адной з пераемніц “Беларуска-Літоўскае дзяржавы” ВКЛ у яе посттрадыцыйным (мадэрновым) увасабленьні.

Арганізацыйна гэты рух канчаткова выкрышталізаваўся ў 1988 г. у хорме арганізацыі БНФ, харызматычным кіраўніком якога паўстаў гісторык Зянон Пазьняк. Менавіта з гэтым прозьвішчам і стаў атаесамляцца гэты нацыянальны зьвяз. Пазьняк у сваіх прамовах вельмі выразна выдзяліў асноўныя тэзы сваёй праграмы:

1. Дэмакратыя безь лібэралізму (“Лібэралізм – гэта не дэмакратыя. Гэта, ведаеце, як ракако, дакладней, як маньерызм у мастацтве, калі рэнэсанс вырадзіўся ў маньерызм” З. Пазьняк)

2. Бэрлінска-маскоўскі зьвяз супраць Беларусі (дарэчы адлюстраваны ў прагненьнях Расеі, аўтарам якіх зьяўляецца іх галоўны геапалітык А. Дугін)

3. Беларусь – сучасная пераемніца ВКЛ ва ўсіх яе іпастасях (“канцэпцыя Беларускага Нацыянальнага Адраджэньня грунтуецца на народнай гісторыі. Без каранёў нічога доўга не існуе. У беларусаў, як мала каго іншага, ёсьць магутны гістарычны грунт – іхная вялікая дзяржава, якую яны страцілі ў кан. 18 ст. у выніку міжнароднае змовы і наступнай затым расейскае акупацыі” З. Пазьняк).

Гэтыя асноўныя канцэпты этнанацыянальнага праекту ўладкаваньня Беларусі як мадэрновага суб’екта палітычнага, зьявіліся высьпеўшай крышталізацыяй ідэяў і думак 1910-х – 1940-х гг., асабліва іх кансэрватыўных і нацыянальна-хрысьціянскіх частак.

Адсутнасьць нацыянальнае сьвядомасьці (у адрозьненьні ад Прыбалтыцкіх рэспублік) і палітычнае волі (у адрозьненьні ад украінскіх патрнамэнклятуршчыкаў) не далі праекту, пасьля набыцьця незалежнасьці Беларусяй, дыхнуць поўнымі грудзьмі. Былая парт. намэнклятура, з сваімі каляніяльнымі стэрэатыпамі, дазволіла этнанацыянальнай канцэпцыі разьвіцьця паспрабаваць сябе толькі ў межах соцыякультурнае сфэры без мажлівасьцяў уплыву і гульні ў палітычным ды эканамічным полі.

Рэстаўрацыя ды ўзмацненьне каляніяльнага праекту ў 1994 г. зрабілі новы выклік этнанацыянальнае ідэі, а перамога найбольш артадаксальных элемэнтаў намэнклятуры адрынула з поля ўлады прагрэсысцкіх лібэралаў, якія, у сваю чаргу, пачалі інтэгравацца ў этнанацыянальнае ідэйнае поле.

Адмова каляніяльнага праекту ад дэфармацый у соцыякультурнае сфэры у бок этнанацыянальнага праекту, вылілася ў сымбалічнай хорме правядзеньня рэфэрэндуму 1995 г., выгнаньне ж з сыстэмы каляніяльнага праекту прадстаўнікоў “лібэральнае рэфармацыі” вылілася ў рытуал рэфэрэндуму 1996 г. З гэтага часу пачынае хармавацца новы праект, які ўвабірае прадстаўнікоў этнанацыянальнае ды лібэральнае ідэй. Этап яго хармаваньня можна акрэсьліць у храналягічных межах 1996-2001гг.і ўмоўна назваць транзытыўным (пераходным ад мадэрновага этнанацыянальнага праекту да постмадэрновага постнацыянальнага нэалібэральнага праекту).

Этап транзытыўнасьці (1996-2001).

Рэакцыйнасьць сілаў каляніяльнага праекту падкінула ў супрацьлеглы лягер частку былое намэнклятурнае эліты, што з прыходам незалежнасьці пераарыентавалася на сфэру бізнэсу і гандлю ды стала спавядаць аксыялягічны апарат нэалібэралізму.

Зьнешнія фундамэнтальныя зьмены парадыгмаў паказалі няслушнасьць этнанацыянальных ідэяў узроўню 1910-х – 1940-х гг., што канчаткова выкрышталізаваліся ў 1980-я гг., і запатрабавалі рэзкі штуршок у бок лібэралізму. Зьнешняй сымбалічнай праявай яе зьявілася інтэграцыя новае лібэральнае эліты з этнанацыянальнай элітай і дэфармацыя першымі праекту апошніх. Пасьля эміграваньня духовага лідэра Адраджэньня З. Пазьняка гэты працэс паскорыўся і дасягнуў свайго апагею ў 1999 г., калі БНФ сымбалічна была падзеленая. Два лягеры, што ўтварыліся, ўяўлялі сабою дыямэтральна процілеглыя блёкі. Найбольш ідэйныя ды нацыянальнаарыентаваныя стварылі КХП-БНФ, у якім, можна так сказаць, закансэрваваўся этнанацыянальны праект. Другая частка, правёўшы рэвізію сваіх думак і перамясьціўшы акцэнты, пачала вызнаваць аксыялягічны апарат нэалібэралізму ды постмадэрну запраўлены нацыянальным соўсам. Менавіта сярод іх і зьявіліся будучыя ідэолягі праекту постмадэрновае Беларусі, і менавіта гэтыя ідэолягі зрабілі пераварот інфармацыйнае прасторы. У 1998 г. засноўваецца зусім новы, невядомы дагэтуль гэткім фарматам часопіс ARCHE, (у будучым ён стане ідэйным цэнтрам нэалібэральнага постнацыяналізму), а ў 1999 г. у газэце “Наша Ніва” праходзіць сымбалічны рытуал замены мадэрновага этнанацыяналіста Сяргея Дубаўца на постмадэрновага нэалібэральнага постнацыяналіста Андрэя Дынька. Завяршальны канец усім этнанацыянальным спадзевам дае працэс прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г., дзе бачны націскі і акцэнты бяз грыму, а на яву.

Праект постмадэрновага нэалібэральнага постнацыяналізму.

Прамежак 2001-2006 гг. можна назваць этапам сталеньня ды ўмацаваньня новага праекту. Яго ідэолягі (Булгакаў, Дынько, Латышонак, Рудкоўскі), выдаваўшы ў гэты час свае працы, акрэсьлівалі ў іх асноўныя рысы свайго стварэньня. Гэтыя пастуляты канчаткова выкрышталізаваліся ў 2006 г. і ўвасобіліся ў працах В.Булгакава “Гісторыя Беларускага Нацыяналізму” і П.Рудкоўскага “Паўстаньне Беларусь”, якія й вызначылі асноўныя тэзы праекту наступнымі:

1. Прыняцьце толькі мадэрновага вопыту нацыятварэньня, адкінуўшы дамадэрновы і называючы яго мітычным.

2. Адмова ад альтэрнатыўнае геапалітычнае стратэгіі (Балтыцка-Чарнамоская Супольнасьць) і бездакорнае прыняцьце ўльтразаходняга выбару ў межах інтэграцыі ў Эўразьвяз і НАТО.

3. Прызнаньне ідэяў нэалібэралізму слушнымі і прыняцьцё іх на ўзбраеньне як матрыцы свайго праекту.

4. Прызнаньне мультыкультуралізму ды глябалізму як станоўчых зьяў.

5. Адмежаваньне ад ідэяў этнанацыянальнага праекту і яго ідэолягаў, назваўшы іх “прэмардыяналістамі”.

6. Большыя акцэнты на эканоміку й сацыялёгію, замест культуры й гісторыі.

7. Абсалютызацыя каштоўнасьці “свабоды” ў яе нэалібэральным разуменьні.

Спробы этнанацыянальнага рэваншу альбо Паша Севярынец.

Але ў новае мадэрнізаванае нэалібэральнае постнацыянальнае эліце яшчэ існавалі адносна кансэрватыўныя сілы, што базаваліся на аксыялягічным апараце матрыцы этнанацыянальнага праекту. Яны выказвалі жаданьне зьдзяйсьніць спробы адраджэньня мадэрновага праекту на глебе хрысьціянства ў межах постмадэрновага навакольля. Галоўным ідэолягам гэтага руху стаўся Павал Севярынец, які стварыў сымбіёз асноўных пастулятаў БХД 1920-х гг. з аксыялягічным усьведамленьнем панятку свабода ў нэалібэральных кантэкстуальных катэгорыях. Гэтая, адрозная ад асноўнай лінія, вымусіла лідэра “Маладога фронту” пакінуць сваю арганізацыю і аддасі ўсе высілкі на стварэньне альтэрнатывы ў выглядзе БХД.

Спэктар каляніяльных праектаў.

Каляніяльны праект, як гэта можа здацца на першы погляд, не зьяўляецца аднароднай зьявай, а ўвасабляе сябе як стос рознакаляровых спэктраў і адценьняў.

Асноўнай ідэйнай базай каляніяльнага праекту сталася ідэалёгія Каяловіча (“Палітычная незалежнасьць Заходняе Расеі немагчымая... Беларусія нагэтулькі бедная, што ня можа дапускаць непатрэбных тэорый і летуценьняў. Ёй трэба вырашаць толькі самыя істотныя, канечна патрэбныя пытаньні, дый беларускае племя такое блізкае да вялікарасейскага, што ніякі сэпаратызм ня можа мець у ім сілы” М. Каяловіч), якая была накладзена на здабытую ў 1991г. незалежнасьць.

Мажліва выдзяліць тры асноўныя этапы яе хармаваньня ў сучаснасьці: (1991-1995) – пэрыяд кансэрвацыі ды пераўсьведамленьня старых каляніяльных прынцыпаў царска-расейскага ды радзкага этапаў; (1995-2003) – рэстаўрацыя ды пераасэнсаваньне каляніяльнага праекту, набыцьцё ім постмадэрновых рысаў; (2003- сёньняшні дзень) канчатковае афармленьне асноўных плыняў посткаляніяльнае ідэалёгіі.

Асноўныя плыні посткаляніяльнае ідэалёгіі.

Адной з асноўных каляніяльных ідэяў сучаснасьці зьяўляецца ідэя Белай Русі. Яна бярэ свае карані яшчэ за часоў маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча і канчаткова афармляецца Каяловічам. Асноўныя пасьлядоўнікі накірунку (Трашчанок, Петрыкаў, Мелнік) у болшай альбо меншай хорме спавядаюць менавіта яго аксыялягічны апарат. Гэты накірунак мае ў сваіх карэньнях яшчэ і больш глыбокую градацыю на беларусцаў-заходнерусістаў (Трашчанок) і беларусцаў-БРСРаўцаў (Мельнік).

Першая групоўка зьяўляецца артадаксальнымі пасьлядоўнікамі Каяловіча ды ідэалёгіі “ўсходне-славянскае” еднасьці. Галоўным індыкатарм гэтага праекту зьяўляецца рэлігійная прыналежнасьць да расейскага праваслаўя ды ўсходнеславянскасьці (“праваслаўная беларуская нацыянальная ідэя, ідэя нашае самабытнасьці ў адзінстве з Расеяй ды Ўкраінай, у народзе жыва і ніколі не памірала. Што менавіта яна і выказвае народныя жаданьні і што менавіта за ёй будучыня, якія б перашкоды ні нагрувашчвалі ворагі славянскага адзінства ўнутры нашых краін і за мяжой. Ажыла і раней загнаная ў падпольле праваслаўная інтэлігэнцыя, пераходзячы ад скрытага саўдзелу да актыўнай творчай дзейнасьці” Я.Трашчанок).

Галоўнай функцыяй ідэалёгіі “белорусцев-западноруссов” зьяўляецца апраўданьне расейскамоўнасьці (“Мясцовы беларускі дыялект насіў пэрыфэрыйны, нетыповы дзеля большасьці іншых дыялектаў характар. Ён ня мог стаць аб’ядноўваючым пачаткам наддыялектнае нармалізаванае мовы (хоць падобныя спробы працягваюць рабіцца да сёньняшняга дня)”. Я.Трашчанок), інтэграцыі ў эўразыйскую супольнасьць (“Будучыня Беларусі ў братэрскай садружнасьці вялікае эўразыйскае цывілізацыі – гэта і ёсьць наш лёс, наша нацыянальная ідэя”. Я.Трашчанок), барацьбы з нацыянальнымі канцэпцыямі (“наша будучыня за праваслаўнай беларускай ідэяй, а нацыянал-сэпаратызм застанецца ў прошлым, як родавае пятно”. Я.Трашчанок).

У адрозьненьні ад Трашчанкоўскае Мельніцкая плынь вельмі вялікі акцэнт робіць на гістарычным абгрунтаваньні ідэі каляніялізму (“тое, што аўтары падобных сьцьверджаньняў называюць русыфікацыяй беларусаў, паводле сутнасьці было ня чым іншым, як вяртаньнем беларусаў да сваіх гістарычных каранёў, да сваёй славяна-расейскае тоеснасьці” У.Мельнік). Важкім ідэйным адрозьненьнем беларусцаў-БРСРаўцаў зьяўляецца прызнаньне выбітнае ролі радзкага пэрыяду: “радзкі пэрыяд стаўся вяршыняй айчыннае гісторыі”.

У др. пал. 1990-х гг., пад уплывам этнанацыянальнага праекту дый сусьветных ідэолягаў нэалібэралізму паўстае новы праект, які можна акрэсьліць як посткаляніяльны, у межах намэнклятурнае канцэптуалізацыі. Ён не нясе такое вялікае каляніяльнае нагрузкі як апісаныя вышэй праекты, але ўсё ж такі залежны ад расейскае фундамэнтальнае думкі. Яго пасьлядоўнікі (Яскевіч, Рашэтнікаў, Канашэвіч) адкінулі хімэру славяна-расейскае псэўдамэтафізыкі і зрабілі пад узьдзеяньнем этнанацыянальнага праекту прышчэпку па ўсьведамленьню нацыянальнае матрыцы. Гэтыя ўзьдзеяньні спраецыявалі пераўсьведамленьне гістарычнага працэсу нацыі (самабытнасьць Полацкага князтва, дамінацыя беларускага элемэнту ў ВКЛ, разгляд пэрыяду Расейскае імпэрыі, як часу страты самабытнасьці ды асыміляцыю, а радзкі этап як час дэфармацыі нацыянальнага аблічча беларусаў).

Дамадэрныя праекты.

У 1990-х гг. У шэрагу нацыянальных праектаў выплылі парадыгмы больш элітарных, але менш распаўсюджаных ідэяў, што базаваліся на дарадзкіх, альбо эміграцыйных распрацоўках, гэнэалёгія якіх пачынаецца ў вірах гісторыі Полаччыны ды ВКЛ.

Балтыцка-Крыўскі праект.

Паўставаньне праекту можна зьвязаць з стварэньнем у пач. 1990-х гг. Цэнтру Этнакасмалёгіі “Крыўя”. Гэнэалёгія ідэі бярэ свае карані з В.Ластоўскага ды яго прапаноў адмовы ад каляніяльнага назову “Беларусь” на найменьне “Крыўя”, што адпавядала саманазову племя крывічы. Спачатку яго пасьлядоўнікі выдзьвінулі тэзу, што беларусы – славянамоўныя балты і на гэтай падставе пачалі займацца глыбіннымі штудыямі ў этналёгіі, лінгвістыцы, гісторыі ды сумежных галінах, каб давесьці слушнасьць сваёй тэзы. З канца 1990-х гг. да этналягічных дасьледаваньняў дадаецца палітычная тэорыя “новых правых” і рух набывае соцыякультурную пэрспэктыву разьвіцьця. У сяр. 2000-х гг. да ўсяго гэтага надаюцца ўяўленьні эўрапейскіх інтэгральных традыцыяналістаў.

Ідэолягі балтысты зрабілі рэвэранш у бок адмаўленьня славянскага як станоўчага ў крыўскае пэрспэктыве. Беларусы імі ўмоўна падзяляюцца на літвінаў (носьбітаў балцкасьці) ды русінаў (носьбітаў славянскасьці), дзе першыя маюць значныя перавагі з-за сваёй незалежніцкае ды этнакультуровае пазыцыі над апошнімі. Па гэтым чыньніку дзеля далейшага разьвіцьця нацыі патрабуецца падавіць літвінамі “каляніяльнае” культуровае поле русіноў і абвясьціць сваё панаваньне.

Літвінскі праект.

Пасьля набыцьця незалежнасьці і вызваленьня інфармацыйнае прасторы і літвінскі праект аднаўляе сваю дзейнасьць на культурным прасьцягу, пасьлядоўнікі якога згуртаваліся вакол газэты “Літва”. Апошнім часам рух акрэсьліў сябе як “глос манархісты”. Падмуркам дзеля манархістаў-літвіноў стаўся каталіцкі традыцыяналізм ды легалізм. Літвінскія манархісты выступаюць за так званую “феадальную рэканкісту”, мэта якой было б вяртаньне асноватворных характарыстык феадальнага грамадзтва (станаў. Прывілеяванае пазыцыі касьцёла і прафэсыйных карпарацыяў). Літвінізм у ідэале жадае прышчапіць беларусам традыцыю былое польскамоўнае эліты і бачыць пэрспэктывы Бацькаўшчыны як падсуб’екта ў межах аднаўленьня праекту Рэчы Паспалітае ці Ягелонскага праекту.

Праект славянскіх раднавераў (згодна з сайтам “Прошчы Пяруна”).

У пач. 2000-х гг. на жорсткія выклікі ідэолягаў балтыстаў пачала хармавацца славянаарыенталісцкая плынь, якая выбрала сваёй глебай раднавер’е зь мяккім нацыянал-сацыялістычным убраньнем. Мэтай славянафілаў сталася давесьці навакольлю аб чыстым славянскім паходжаньні беларусаў і на гэтай падставе зрабіць арыентацыю на інтэграцыю з славянскімі краінамі. Гэта ўсё падмацоўваецца супрацоўніцтвам ідэолягаў руху з рэдакцыяй расейскага часопіса “Атеней”, які мае вызначаны расавы характар.

Праект Вялікалітва, як акамулюючая дзяржаўніцкая альтэрнатыва.

У пач. 1900-х гг. сярод дзеячоў руху беларускага адраджэньня зьявілася хваля ўсьведамленьня аб калянізацыйнае сутнасьці праекту “Беларусь”. Першую альтэрнатыву схармаваў В.Ластоўскі ў выглядзе крывіцкае канцэпцыі, якая аддавала пахам местачковасьці ды рэгіяналізму, што дало чыньнікі адрынуць яе. У 1920-я гг. першым да ідэі Вялікалітвы падступіўся Язэп Лёсік ў сваім артыкуле “Літва-Беларусь”, але палітычная кан’юктура 1930-х гг. не дала працягнуць справу хармаваньня ідэі. Зрынуць зь месца і рэстаўраваць ідэю самастойнага ВКЛ ва ўмовах сучаснасьці змог выдатны доктар філялёгіі, гісторык эмігрант Ян Станкевіч. На працягу 1960-х – 1970-х гг. ім выдаюцца фундамэнтальныя працы ў якіх хармуецца асноватворныя палажэньні рэстаўрацыі Бацькаўшчыны ў хорме Вялікалітвы. Перад гэтым Станкевіч радыкальна парывае з крыўскім праектам свайго настаўніка В.Ластоўскага як рэгіяналісцкім і недастаткова дзяржаўніцкім. У сваіх творах ён хармулюе выбітныя тэзы вялікаліцьвінізму. Ён адрынае дзьве скрайнія тэзы балтызму й славянафільства як няслушныя антыліцьвінскія ды антынавуковыя і выводзіць новую фундамэнтальную, авангардную тэзу, “што народ вялікалітоўскі схармаваўся ізь зьліцьця часьці Балтаў ізь часьцю Славян”. Як грунтоўны гісторык і высокадыплямаваны навуковец Станкевіч адрынае каляніяльны праект “Беларусь” і выводзіць на сцэну самабытны, паспаліты, дзяржаўніцкі праект “Вялікалітва”: “Праўдзівы назоў, тарнаваны да народу гэтага, якім ён вылучна зваўся ад 13-га да палавіцы 19-га стст., а ў ладнай меры й пасьлей ё “Літва”, “Ліцьвіны” або “Вялікалітва”, “Вялікаліцьвіны””.

Станкевіч, як гісторык прэмардыяналіст, вельмі якасна карыстаецца традыцыяналісцкімі пастулятамі і такім чынам зьяўляецца прэмардыяналістам-глебеньнікам у сваёй аснове. Схармаваныя ім тэзы пректу Вялікалітва ёсьць наступныя:

1. Вялікалітва ёсьць вынік злучэньня раўнапраўных “арыйскіх” частак Балтаў і Славян, што прычынілася да стварэньня вялікалітоўскага гаспадарства ВКЛ.

2. Праект “Беларусь” зьяўляецца каляніяльным, накінутым Масквой. Ніякага нацыянальнага гаспадарства такі праект прынесьці ня можа.

3. Вялікалітва ёсьць самастойнай цывілізацыйнай геапалітычнай прасторай з сваімі зацікаўленьнямі ды асаблівасьцямі.

4. Дзеля Рэстаўрацыі Вялікалітвы патрэбна Адраджэньне асноўных вялікаліцьвінскіх прынцыпаў (паспалітасьць, шляхетнасьць (арыстакратызм), гаспадарсьцьвенасьць ды інш.) ды прыстасаваньне іх дзейнасьці да ўмоваў сучаснасьці.

5. Вялікалітва ёсьць поліканфэсыйнае гаспадарства. Толькі цывілізацыйнае суіснаваньне шматлікіх традыцыйных канфэсый можа станоўча адбіцца на ўнутраным стане гаспадарства і падбухторыць веравызнаньні да глыбіннага якаснага разьвіцьця.

6. Вялікалітва – геапалітчны аспэкт. Вялікалітва павінна і надалей граць зьвязуючую ролю ў інтэграцыі Балтыцка-Чарнаморскае Прасторы.

7. Вялікалітва – прадыгма Традыцыі, прэмардыялісцкі праект заснаваны на фундамэнтальных панятках сакральнага грамадзтва ВКЛ, прыстасаваных да сучасных умоў.

Comments

( 9 comments — Leave a comment )
[info]kryviec wrote:
Apr. 13th, 2008 05:28 pm (UTC)
Цікавы тэкст. Дзе-небудзь збіраецеся яго друкаваць?
[info]kryviec wrote:
Apr. 13th, 2008 05:34 pm (UTC)
Дарэчы, далучайцеся да нашае суполкі:
http://community.livejournal.com/lithuaniae2009/
[info]nicolaev wrote:
Apr. 20th, 2008 08:36 pm (UTC)
Я вось заўтра гэты агляд у сябе адпіяру :)
[info]nicolaev wrote:
Apr. 20th, 2008 08:40 pm (UTC)
Як разумею, сам належу менавіта да Вялікалітоўскага праекту. :)
А панове А.Белы й А.Стральцоў-Карвацкі - ліцьвінскі праект.
Спадар Крывец-жа - Балтыцка-Крыўскі + Вялікалітоўскі :)
[info]datcanin wrote:
Apr. 21st, 2008 06:17 pm (UTC)
з панам Стральцовым-Карвацкім не ўсё так проста :), бо ён уласна падзяляе большасьць з тых ідэяў, якія дэкляруем мы (балтызм, тутэйшы арыстакратызм, манархізм, габсбургскі легітымізм, рэгіяналізм), але разам з тым ёсьць шчырым палёнафілам і каталіком ))
[info]datcanin wrote:
Apr. 21st, 2008 06:18 pm (UTC)
"Спадар Крывец-жа - Балтыцка-Крыўскі + Вялікалітоўскі :)"
у мяне таксама... толькі ўвогуле мне гэтыя Крыўя (хаця й сымпатычная вельмі) - далёкі я ад яе ))
[info]nicolaev wrote:
Apr. 21st, 2008 06:36 pm (UTC)
Reply to your comment...
:)) Я пана Датчаніна ўвогуле сумняваўся куды з Габзбурґамі далучыць :))
[info]datcanin wrote:
Apr. 21st, 2008 06:45 pm (UTC)
Re: Reply to your comment...
насамрэч, я дужа ўсьцешаны, што падкінутая мною габсбургская ідэя гэта файна хутка прыжылася да тутэйшага манархізму й традыцыяналізму, нават прывабіўшы адэптаў Саксонкага Дому ;) І гэта зараз, калі мясцовы дыскурс AEIOU 'шчэ толькі на стадыі разьвіцьця!
(no subject) - [info]7csusanna7672 - Jun. 19th, 2008 10:43 am (UTC)
( 9 comments — Leave a comment )

Latest Month

April 2008
S M T W T F S
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930   
Powered by LiveJournal.com